Чэмпіянат па фотабёрдынгу

Мероприятия
21.04.2018
Гомель
Заяўкі прымаюцца да 10:00 пятніцы 20 красавіка

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрашае ўсіх на вясновы Чэмпіянат па фотабёрдынгу, які пройдзе ў Гомелі.

Што робяць удзельнікі Чэмпіянату?

Фатаграфуюць птушак у натуральным асяроддзі! Як гэта рабіць? Вось некалькі парадаў.

Каб перамагчы ў Чэмпіянаце, трэба за 5 гадзін наздымаць як мага больш розных відаў птушак. За кожны від налічваюцца балы. Прычым найбольш балаў за кожны здымак атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі.

Спампаваць правілы Чэмпіянату па фотабёрдынгу

Як запісацца на Чэмпіянат?

Трэба спампаваць форму простай заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 10:00 пятніцы 20 красавікаАле ж варта не зацягваць з падачай заяўкі і рэгістравацца ўжо цяпер!

Дакладнае месца і маршрут абвесцяць на сайце ptushki.org за тыдзень да Чэмпіянату.

Удзельнічаць можна індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек. Можна ўзяць сябра, а можна стварыць сямейную каманду: далучыць да спаборніцтваў дачку ці сына, мужа ці жонку, брата ці сястру, бацьку ці маці. Спадабаецца ўсім!

Удзел у Чэмпіянаце бясплатны і адрыты для ўсіх.

Прадстаўнік аргкамітэту Чэмпіянату Сямён Левы:

“Мы як арганізатары вельмі радыя, што ёсць магчымасць праводзіць Чэмпіянат па фотабёрдынгу не только ў сталіцы. Гомель - горад, дзе не толькі ёсць шмат фатографаў-анімалістаў, якія ўжо неаднаразова бралі ўдзел у нашых спаборніцтвах, але і горад, дзе ёсць шмат цікавых птушак. Прыехаць на Чэмпіянат у Гомель – гэта выдатная магчымасць не толькі ўбачыць рэдкую ў Беларусі чырвонакніжную птушку валасяніцу-белашыйку, але і зрабіць яе прыгожы партрэт. Мы запрашаем усіх паўдзельнічаць у Чэмпіянаце, паспрабаваць свае сілы, пазнаёміцца з новымі сябрамі па хобі і актыўна правесці пяць гадзін на прыродзе з карысцю для свайго здароўя!”

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы (1, 2, 3 месцы), а таксама абраны найлепшы здымак Чэмпіянату. Журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фотаздымкаў або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.

Далучайцеся да цікавых і прыемных спаборніцтваў і рыхтуйцеся да знаёмства з гомельскімі птушкамі!

Даведка: Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі ў Мінску чатыры разы, а таксама па адным разе ў Гомелі і Брэсце. VII Чэмпіянат па фотабёрдынгу – адно з мерапрыемстваў ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.